Навіны
Запрашаем усіх жадаючых дасылаць свае матэрыялы (гл. Для аўтараў).
Тэксты трэба адпраўляць адначасова на наступныя адрасы: rkaleta@uw.edu.pl і bmz.jbjo@gmail.com.
Рэдакцыя часопіса «Беларуская мова як замежная» (БМЗ) разгледзіць артыкулы, рэцэнзіі, справаздачы, у якіх закранаюцца разнастайныя праблемы беларускае культуры, літаратуры i БМЗ, напр.:
1) методыка выкладання – метады выкладання граматыкі, ведаў пра Беларусь; развіццё навыкаў вуснага маўлення, аўдыявання, чытання і пісьма; новыя тэхналогіі на занятках па беларускай мове; азнаямленне з літаратурнымі тэкстамі; выкарыстанне літаратурных тэкстаў у міжнародных, аднанацыянальных групах і ў (не)славянскіх групах і г. д.;
2) беларушчына замежнікаў – аналіз моўных памылак; даследаванне г. зв. пераходнай мовы (анг. interlanguage) і вымаўлення;
3) параўнальная глотадыдактыка – напр. беларуска-польская, беларуска-расійская, беларуска-нямецкая і г. д.; даследаванне падабенстваў і адрозненняў моў; параўнанне метадаў выкладання, праграм курсаў, моўных цяжкасцяў, ролі выкладчыка і г. д.
4) гісторыя і сучаснасць выкладання беларускай мовы як замежнай – старыя і новыя падручнікі беларускай мовы як замежнай, спосабы прэзентацыі матэрыялу, тэматычная разнастайнасць;
5) мова і культура – пытанні культурнай лінгвістыкі (лінгвакраіназнаўства, лінгвакультуралогія, беларусазнаўства); міжкультурная камунікацыя, выкладанне мовы і культуры Беларусі; месца культуры ў выкладанні мовы; прымаўкі, прыказкі, фразеалогія, безэквівалентная лексіка, маўленчы этыкет; стэрэатыпы ў падручніках, ролі мужчыны і жанчыны; распаўсюджаныя імёны і прозвішчы, рысы характару беларусаў; табуізацыя некаторых тэм, такіх, як эротыка, смерць, рэлігія; ідэалізацыя герояў падручнікаў, іх сям’і;
6) моўная прагматыка – напр. прывітанне, развітанне, падзяка, прабачэнне, просьба;
7) праблемы сертыфікацыі ўзроўняў валодання беларускай мовай як замежнай;
8) беларуская мова як замежная ў Беларусі і за мяжой;
9) прыклады матэрыялаў, практыкаванняў ды заняткаў па беларускай мове як замежнай;
10) праблемы адукацыі і працы выкладчыкаў беларускай мовы як замежнай у Беларусі і за мяжой, памылкі лектараў.