We use cookies on this site to enhance your user experience. Do You agree?

Read more

Пра выданне

Гл. новы сайт часопіса https://ijbg.uw.edu.pl/

International Journal of Belarusian Glottodidactics

ISSN 3072-3140, eISSN 3072-4376

Да 2023 года (нумар 7) часопіс выходзіў пад назвай Belaruskaja Mova jak Zameznaja (eISSN 2544-5448, ISSN 2544-6789, KRS PR 21248), а з 2024 года (нумар 8) выдаецца пад назвай International Journal of Belarusian Glottodidactics (ISSN 3072-3140). У сувязі са зменай назвы часопісу быў прысвоены новы нумар ISSN.

БЕЛАРУСІСТЫЧНАЯ ГЛОТАДЫДАКТЫКА

Часопіс быў заснаваны ў 2017 годзе ў Беларускай глотадыдактычнай майстэрні кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта і займаецца папулярызацыяй вывучэння і выкладання беларускай мовы, літаратуры, гісторыі і беларускай культуры ў Польшчы і ў свеце. Гэта адзіны ў сваім родзе часопіс у свеце, які падтрымлівае беларусістычныя глотадыдактычныя даследаванні. Часопіс выходзіць у Выдавецтве Варшаўскага ўніверсітэта пераважна на беларускай мове (артыкулы маюць англамоўныя рэзюмэ), але друкуюцца таксама тэксты на англійскай і польскай мовах. Закранае праблемы адукацыі, методыку выкладання, спецыфічную сацыялінгвістычную сітуацыю ў Беларусі і феномен цікавасці да яе за межамі Беларусі. У склад рэдакцыі часопіса ўваходзяць навукоўцы з розных акадэмічных цэнтраў Польшчы, Беларусі, Украіны, Вялікабрытаніі і ЗША. Усе артыкулы праходзяць двайны працэс рэцэнзавання (рэцэнзенты прызначаюцца з розных цэнтраў у розных краінах).

Мэты часопіса і тэматыка даследаванняў

Штогадовае выданне прысвечана міждысцыплінарным даследаванням у галіне беларусістыкі, праблемам беларускай лінгвадыдактыкі, гісторыі і сучаснасці беларускай літаратуры і культуры па-за межамі Беларусі, а таксама параўнальнай лінгвадыдактыцы. Асобныя выпускі змяшчаюць навуковыя артыкулы, рэцэнзіі, агляды і справаздачы. Аўтарамі публікацый з’яўляюцца даследчыкі з розных навуковых цэнтраў Польшчы і іншых краін. Матэрыялы публікуюцца на польскай, беларускай і англійскай мовах. Часопіс маецца ў адкрытым доступе (Open Access), матэрыялы прымаюцца праз адкрыты набор (Open Submission), усе артыкулы праходзяць рэцэнзаванне і індэксуюцца ў навуковых базах даных.

Перыядычнасць выдання: штогоднік
Тэрмін выхаду: люты
Спосаб распаўсюджвання: адкрыты доступ
Галіна навукі: гуманітарныя навукі
Дысцыпліны: беларусістыка, лінгвадыдактыка, мовазнаўства, літаратуразнаўства, культуралогія
Выдавец: Выдавецтва Варшаўскага ўніверсітэта (з 2022 года)
Уладальнік: кафедра беларусістыкі факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта
Скарочаная назва: IJBG

Прэзентацыя часопіса ў Інстытуце мовазнаўства

Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2019 годзе.